Як у Гродне дэпутаты вырашаюць праблему безбар’ернага асяроддзя
Автор: Admin2 · Опубликовано · Обновлено
Сярод тых, каму пашанцавала, — Жанна і Васіль Гапасі. Год таму яны звярнуліся да дэпутата сваёй выбарчай акругі з просьбай дапамагчы з устаноўкай пад’ёмніка. І вось нядаўна работы завяршыліся, і сям’я з абмежаванымі магчымасцямі атрымала выхад на вуліцу, што называецца, без праблем.
Трэба дапамагаць
А вось раней праблем хапала. І пачаліся яны з таго моманту, як да дэпутата гарсавета Сяргея Каляды ад сям’і гродзенцаў прыйшоў электронны зварот, у якім была просьба пасадзейнічаць з устаноўкай пад’ёмніка. У лісце, між іншым, яны пісалі, што звярталіся ў гарвыканкам. Ім растлумачылі, што ўсталяваць пад’ёмнік у пад’ездзе немагчыма, бо няма прававой асновы і незразумела, як вырашаць пытанне з праектаваннем.
— Дэпутатам таксама могуць даць адпіску, — кажа Сяргей Каляда. — Але нам нельга апускаць рукі, трэба шукаць розныя магчымасці, нас для гэтага і выбіралі. Іншага шляху няма, трэба дапамагаць людзям.
Ліст ад гродзенцаў, дзе абодва сямейнікі — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, — для дэпутата стаў сігналам да дзеяння. Ён узяўся сам абыходзіць усе інстанцыі. Выйшаў з прапановай да сваіх калег — дэпутатаў гарсавета.
Народныя абраннікі на сесіі праект падтрымалі. Было вырашана выдзеліць 16,5 тысячы рублёў на ўстаноўку пад’ёмніка. Сродкі паступілі са спецыяльнага фонду па стварэнні безбар’ернага асяроддзя.
І справа пайшла…
Нядаўна Сяргей Каляда патэлефанаваў і паведаміў, што праект завершаны. Пад’ёмнік устаноўлены, і можна паглядзець, як ён працуе, тым больш што гаспадары не супраць прыняць гасцей.
І вось мы каля дома, які знаходзіцца амаль што ў самым цэнтры горада. Стары пяціпавярховік капітальна адрамантаваны і выглядае даволі прэзентабельна. Пакуль шукаю вачыма пад’езд, Сяргей Іванавіч накіроўваецца да балкона. І нездарма. Менавіта тут усталяваны той самы доўгачаканы пад’ёмны механізм, аб якім марылі Васіль і Жанна. З яго дапамогай мы трапляем адразу ў залу кватэры.
— Напачатку была ідэя ўсталяваць пад’ёмнік у пад’ездзе. Для гэтага трэба было поўнасцю рамантаваць уваходную групу, — расказвае падчас пад’ёму Сяргей Каляда. — Але камунальнікі, якія выконвалі гэты праект, прапанавалі сваё рашэнне — балкон. І, як бачыце, атрымалася вельмі ўдала.
Васіль сустракае каля дзвярэй і накіроўваецца ставіць чайнік. Адначасова каментуе ход работ па ўстаноўцы пад’ёмніка:
— Зроблена проста шыкоўна! Я нават не думаў, што будзе асобны, аўтаномны механізм з балкона і гэта не стане напружваць суседзяў, бо ў нас вельмі малы лесвічны пралёт. Дарэчы, такую сістэму прапанаваў намеснік дырэктара гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сямашка, з якім мы трымалі сувязь. Даводзілася вырашаць пытанні, якія ўзнікалі спантанна. З намі раіліся, як лепш зрабіць. У выніку ўсё зроблена якасна, з душой.
Васіль прызнаўся, што сам вырашыў збіраць грошы на пад’ёмнік. Нават шукаў адпаведныя механізмы ў інтэрнэце — вертыкальныя, нахільныя. Але сабраць пэўную суму наўрад ці здолеў бы. Да таго ж прыйшлося б узгадняць з суседзямі, мадэрнізаваць тамбур. Новы варыянт дазволіць нікога не турбаваць.
Разам з пад’ёмнікам зрабілі дарожку, якая выкладзена пліткай. Па ёй можна з’ехаць ад балкона на вуліцу ў любым кірунку без праблем.
Новае жыццё за парогам
Планаў на гэты сезон нямала. Васіль і Жанна — сябры грамадскай арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў, яны прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах і акцыях. Дарэчы, менавіта падчас такіх сустрэч Васіль і пазнаёміўся з Жаннай, пасля чаго яны сталі жыць разам.
— Мы знаёмыя 15 гадоў. Раней я быў дужэйшы, мог паціху ісці сам і спускаць па пандусе каляску з Жаннай. Лягчэй было і ў машыну сесці. Зараз усё складаней. Калі прасядзець у кватэры два-тры гады, гэта адаб’ецца на здароўі: і дыхавіца, і ацёкі з’явяцца, не хапае свежага паветра.
Васіль зноў і зноў вяртаецца да тэмы пад’ёмніка. І гэта зразумела. Бо раней ім прыходзілася дагаворвацца з пляменнікам альбо з сацыяльным работнікам, каб своечасова паспець на тую ж сустрэчу ў таварыстве альбо на прызначаны час да доктара. Ці мала куды яшчэ. А зараз гэта сітуацыя змянілася, яны самастойна могуць выйсці з кватэры.
— Безбар’ернае асяроддзе пачынаецца з парога кватэры, — лічыць Васіль. — Гэта галоўны бар’ер, калі ён ёсць, я не магу скарыстацца ніводным аб’ектам у горадзе. І калі пачаць вырашаць гэту праблему для людзей, трэба адштурхоўвацца ад парога.
Многія сацыяльныя праблемы павінна вырашаць і само таварыства, але ў яго мала магчымасцяў, у адрозненне ад дэпутатаў, разважае Васіль. Таму тут большы акцэнт робіцца на тэматычных сустрэчах, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі проста выбіраліся з дому і не былі пасіўнымі. Дарэчы, Васіль скончыў інстытут, працаваў на заводзе інжынерам і зараз працуе дыстанцыйна — праектуе сістэму сігналізацыі.
Горад, зручны для ўсіх
Васіль лічыць сябе патрыётам свайго горада і марыць аб тым, як будзе некалі вадзіць у музей дзетак сваіх пляменнікаў і расказваць ім гісторыю Гродна. З тэленавін ён ведае аб зменах, якія адбываюцца з гістарычнымі аб’ектамі горада, у прыватнасці, як мяняюцца падчас рэканструкцыі Стары замак, Каложа. Але хоча паглядзець на гэта сваімі вачыма. Жанна марыць пабываць на фестывалі нацыянальных культур, што праходзіць у Гродне. Для дальніх вандровак у яе ёсць электрычная каляска, новая, але ўжо выпрабаваная. У найбліжэйшы час жанчына хоча адправіцца ў цэнтральны гарадскі парк, праехаць па дарожках, наведаць кафэ…
— Каляска ды пад’ёмнік — і чалавек ужо не адарваны ад грамадства, уліўся ў соцыум. Жыццё набывае новы сэнс, — упэўнена Жанна.
Разам с суседкай яна плануе заняцца добраўпарадкаваннем новай тэрыторыі каля пад’ёмніка. Дэкаратыўнымі раслінамі абяцалі дапамагчы навучэнцы каледжа, што знаходзіцца побач.
Сяргей Каляда расказаў, што ў горадзе хутка з’явіцца яшчэ адзін аб’ект з безбар’ерным асяроддзем. У рамках трансгранічнага праекта вядзецца ўзнаўленне былога гістарычнага будынка пад гарадскую ратушу. Тут будуць і пандусы, і пад’ёмнікі. У будучым ёсць намер заняцца праектам з улікам набыцця спецыяльных байдарак для інвалідаў-калясачнікаў. Іх можна набыць у Польшчы.
Што датычыцца горада, тут распрацаваны генеральны план, які ўлічвае безбар’ернае асяроддзе. Будуць пашырацца дарогі, рамантавацца масты. На вуліцах пачалася работа па зніжэнні бардзюраў. Гэта робіцца паўсюдна, у тым ліку і ў старым горадзе.
У новых дамах безбар’ернае асяроддзе — ужо норма. Але для старых, якіх у Гродне тысячы, не ўсюды ёсць магчымасці для перабудовы як па пажарных, так і па тэхнічных нормах, паведамілі ў ЖКГ. Зараз у горадзе ўладкавана пяць пад’ёмнікаў, з такой жа просьбай звярнуліся яшчэ дзесяць чалавек. Прыклад Васіля і Жанны сведчыць аб тым, што праблема пры жаданні можа вырашыцца.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара